ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр. ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р. Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар. формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).

У.А.Чантурыя, В.Р.Анціпаў.

Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)